Станіслаў Акінчыц

Залаты Век Беларусі.

Калі паглядзець на гісторыю Беларусі, між іншых перыядаў выразна выдзяляецца час, які многія называюць Залатым Векам нашае краіны. Гэта XVI стагодзьдзе, эпоха Адраджэньня, час найбольшага культурнага, інтэлектуальнага, эканамічнага росквіту Беларусі, час вялікіх людзей, дзяржаўных і культурных дзеячоў сусьветнага маштабу. На XVI стагодзьдзе прыпадае большасьць найважнейшых падзеяў, якія сфармавалі беларусаў як нацыю.

З  чаго  гэта  пачыналася

У 1536 годзе Кальвін быў запрошаны ў Жэневу, вялікі горад, поўны распусты і п’янства. Два гады змагаючыся з ненармальнасьцю і духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовіўся рабіць ламаньне хлеба, калі жыхары гораду не пакаюцца ў сваіх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавіла выгнаць занадта радыкальнага прапаведніка. Аднак праз тры гады жэнеўскія месьцічы зноў запрасілі Кальвіна да сябе, і ў хуткім часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду. Вуліцы Жэневы сталі бясьпечныя нават уначы, і, ідучы па іх, ня трэба было баяцца, што нехта вылье памыі на галаву або пачне чапляцца нейкі п’яніца. Апошні шынок, дзе прадавалі віно гарадзкім алькаголікам, зачыніўся тры гады таму, а ягоны гаспадар зьехаў у Францыю, дзе людзям яшчэ патрэбна віно, каб уцячы ад праблемаў у сям’і ці ад безнадзейнасьці жыцьця. Каля кожнага дому чыста прыбрана, бо кожная вуліца мае адказнага, які глядзіць за парадкам і мае права штрафаваць таго, хто ператварае сваё жытло ў сьметнік. Квартал гарадзкой басоты цяпер не пазнаць: адзін стаў майстрам, другі працуе ў друкарні, а Жан Дзівак стаў банкірам. Банк яго пакуль што невялікі, але хто ведае, што будзе праз пару дзесяткаў гадоў. Кожны грош палічаны і не ідзе абы-куды, але пускаецца на разьвіцьцё справы. У нядзелю горад пусьцее, бо кожны сьпяшаецца ў царкву, трымаючы пад пахаю Біблію.

Сваім вучэньнем Жан Кальвін імкнуўся выхаваць моцных людзей, якія не хістаюцца, але супрацоўнічаюць з Богам і выконваюць Яго волю. Дзеля гэтага на пропаведзях ён вучыў карыстацца біблійнымі прынцыпамі ў штодзённым жыцьці, дзеля гэтага заклаў у Жэневе мноства пачатковых школаў і адкрыў Акадэмію, дзеля гэтага арганізаваў жыцьцё царквы так, каб кожны вернік нёс адказнасьць за яе служэньне. Чэрпаючы зь Бібліі ідэалы самакіраваньня, Кальвін вучыў, што каралі пастаўленыя Богам над народам як кара за чалавечыя грахі, і сьцьвярджаў, што Бог можа навучыць народных прадстаўнікоў абысьціся без манарха і, узяўшы ўладу ў свае рукі, рабіць Божыя справы.

Ня дзіўна, што ўдзельнікі вайны за незалежнасьць Галяндыі, змагары Слаўнай рэвалюцыі 1648 году ў Англіі, перасяленцы ў ангельскіх калёніях у Паўночнай Амерыцы называлі жэнеўскага рэфарматара сваім духоўным бацькам. Ягоныя ідэі сталіся асновай сёньняшняга грамадзтва, таму гісторыкі ў адзін голас называюць Кальвіна “заснавальнікам новай цывілізацыі”.

Рэфармацыя кардынальна зьмяніла аблічча Эўропы. Калі ў Сярэднявеччы паўночныя краіны былі без параўнаньня больш бедныя і адсталыя, чым Італія, Францыя, Гішпанія, то пасьля Рэфармацыі ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краіны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалі імкліва разьвівацца, і нягледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелі, а краіны Паўднёвай Эўропы паступова ставаліся беднымі і адсталымі на фоне сваіх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкіх земляў, а таксама Швайцарыя пачалі перажываць імклівы эканамічны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнішчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў стала цэнтрам міжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусілі лічыцца. У Швецыі ўцекачы - пратэстанты зь іншых краінаў Эўропы далі пачатак эканамічным і палітычным пераўтварэньням, якія стварылі з краіны дзікіх вікінгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англіі Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сілай якой былі пурытане – ангельскія кальвіністы, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытаніі. Пазьней рух мэтадыстаў прадухіліў у Англіі паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыі 1789 году і зрабіў Англію “майстэрняй сьвету”. Фэнамэнальная гісторыя Злучаных Штатаў Амэрыкі непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскіх місыянэраў і разьвіцьцём эвангельскіх цэркваў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомікі бярэ свой пачатак з Рэфармацыі, якая ўкшталтавала так званую “пратэстанцкую этыку”: паводле яе каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такі падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывілізацыі. (Працяг будзе)


 

 

Дизайн:

Образцы:

Контакт

 

Статьи

Работа

Цены

Rambler's Top100 Rating All.BY