|
Сяргей Давідовіч Малітва
Слава! Слава Айцу! Сыну! Духу Святому! Ды адхлыне смуга! Ды пачуе нас Бог! Ды засвеціцца кожнаму лёсу і дому Усявышні, Хто смерцію смерць перамог! Сёння вера святая - святло сярод ночы! Паратуе яна, дапаможа ў бядзе. Той, хто з верай жыве, той ніколі не збоча З пуцявіны, якая да Бога вядзе. Хай ачысціць нам душы высокая вера, Каб адкрыліся сэрцы святлу і дабру, Каб ніколі не глянулі поглядам звера Вочы брата на брата, сястры на сястру! Дай нам мужнасці, Божа, назад азірнуцца, Каб заблытаны час зразумець, ацаніць, Памянуць убіенных і шчыра жахнуцца, І пакаяцца так, каб па новаму жыць. Заблудзіліся мы... Дай нам Бог разуменне, Што дарога да Храма - дарога з дарог. Ды аблегчыць збалелыя душы маленне! Ды ўваскрэсне любоў! Ды пачуе нас Бог! |