Янка Купала

Прарок

 

Сярод маны, сярод насмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям.

            Праціўны вецер лез у вочы
            І плачам пеў, як дзіцянё,
            Звяр`ё зубамі йграла ўночы,

            Днём выла ў небе груганне.

А ён, незнаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь, наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд святы агонь.

            Душа палала дзіўным жарам,
            Бы з зораў выснутая ніць,
            Што свет магла б сваім пажарам
            Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

Ужо з сваім аклічным словам
Прапок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.

            Аж так дасяг - аквечан хвалай -
            Зямлі забранай сумных хат,
            Дзе царства цемры панавала,
            Дзе сілу ўзяў над катам кат.

Народ змарнеўшы таго краю
Свайго нат імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на свеце і канаў.

            Галовы людзі пахіліўшы,
            Зямлю капалі як краты,
            Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
            Усе жаданні яснаты.

Паўстанце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон.

            Пара у рукі браць паходні
            Ўставаць, ісці, ноч асвятляць!
            Бо што не возьмеце сягодня,
            Таго і заўтра вам не ўзяць.

За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўду не аддам!

            Так гаварыў і з рабства клікаў
            Людзей на волю той прарок,
            Ждучы з трывогаю вялікай
            Ад іх адказу неўнарок.

Алюдзі, глянуўшы на сонца
Ў адказ казалі грамадой:
- Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?...

                                                1912 г.

web-дизайн  
разработка и продвижение сайта. Ваш сайт будет на первой странице поиска.