Кандрат Крапіва
Дзед і баба.
Ехаў дзедка на кірмаш,
З ім на возе - баба.
Конік з выгляду - дарма,
Ды цягнуў ён слаба.
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая - сем пудоў
Сама меней важыць.
Пад узгорак або ў гразь -
Конь насілу возьме...
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок,
Дык яна - за білы.
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.
- Кінь, дурная, бо зганю! -
Дзед тут Бабе кажа.
- Ты паможаш так каню
Як хваробе кашаль.
- Ах ты, ёлупень стары! -
Баба дзеда лае.
- Стой ты тут хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Потым - гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс,-
Дзе ўзяліся ногі!
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж "бабы":
Здэцца й робяць яны штось,
Але справы слабы.
Дык такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
- Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
|