Уладзімір Караткевіч

На Беларусі Бог жыве

"На Беларусі Бог жыве",-
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса у траве
І адвечны зор карагод.

Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.

Тую праўду сцвярджае
Усё зноў і зноў
Ўсім лёсам,-
Няхай спакваля,-
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.

І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын,-
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.

Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край -
Твой дом і сабор...
У нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.

Нам ёсць што піть,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.

І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
"На Беларусі Бог жыве..." -
І хай сабе жыве.

А калі Ён шле на нас кару і гнеў,-
Ну што ж,- мы з ім свае:
У вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка б'е.

І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусі Бог жыве..." -
І няхай да веку жыве.

web-дизайн  
разработка и продвижение сайта. Ваш сайт будет на первой странице поиска.